Re: Беларуская лакаліз ацыя GNOME: нашы перспект ывы & [email protected]
Ihar Hrachyshka <[email protected]> Sat, 16 Oct 2010 18:31:37 +0300
| Newsgroups | gmane.comp.internationalization.belarusian |
|---|---|
| Message-ID | <[email protected]> |
Прывітанне. Калі ўжо пайшла такая п'янка, то трэба ўвесці ў курс людзей, падпісаных на рассылку. Размова пачалася з прыватнага ліставання прадстаўнікоў перакладчыцкай групы GNOME. Ніжэй першы ліст абмеркавання. ==== Прадстаўлюся, калі хто раптам мяне не ведае: мяне зваць Ігарам Грачышкам, я афіцыйны каардынатар беларускай лакалізацыі GNOME (недзе з 2006 года). Я звяртаюся да вас, каб паведаміць вам пра цяперашні стан лакалізацыі і спытаць у вас пра вашы думкі што да развіцця праекта. Спачатку крыху гісторыі і дзе мы ёсць. Недзе ў 2003-2004 гг., калі на дварэ быў GNOME 2.4, некалькі беларускіх праграмістаў (В.Хілько, А.Няхайчык) пачалі працу над лакалізацыяй Гному на беларускую мову. У сваёй працы яны досыць далёка прасунуліся (~75% перакладзенага). Пераклад выконваўся ў межах правілаў тарашкевіцы. Такім мы яго бачым і сёння. Праз некаторы час праца запаволілася (праз нястачу маладой крыві, дэматывацыю, сыход перакладчыкаў у іншыя графічныя асяроддзі ды інш.) Гэта непазбежна прывяло да паступовай стагнацыі перакладу. І хаця калі-нікалі праца над некаторымі модулямі Гному працягвалася, але лік перакладзенага няўхільна зніжаўся. На сёння мы маем толькі 49% перакладзеных паведамленняў. Недзе ў 2008 г. з'явілася ініцыятыва перакладу Гному з тарнаваннем беларускай лацінкі і на базе "эксперыментальных" прынцыпаў (у тэрміналогіі, фармуляванні паведамленняў, правапісе ды інш.) Хаця працоўная група перакладу ў беларускай лацінцы складалася толькі з 2 людзей, але вынікі былі па-свойму грунтоўныя: за год пераклад дасягнуў з 0% да ~65%. Цяпер праца і над гэтай галінаю перакладу актыўна не вядзецца. GNOME даўно стаў галоўным асяроддзем як для "хатніх" дыстрыбуцый Linux/Unix (Ubuntu, Fedora), так і для карпарацыйных (Red Hat, Solaris). У сакавіку наступнага (2011) года чакаецца выданне наступнай грунтоўна перапрацаванай версіі GNOME - 3.0. Распрацоўнікі абяцаюць не паўтараць памылак супольнасці KDE і даць карыстальнікаў больш эвалюцыйна, чым рэвалюцыйна перапрацаванае камп'ютарнае асяроддзе. Сучасны фармат працы прыблізна такі: любы з перакладчыкаў сцягвае файл з адпаведнага сайта[1], рэдагуе яго "ў адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі і нефармальнымі вымаганнямі праекта" і дасылае пераклад каардынатару (мне). Каардынатар выконвае функцыі карэктара: ён сядае з дасланым файлам і правярае зроблены перакладчыкам унёсак на правільнасць "у адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі і нефармальнымі вымаганнямі праекта". :) Часцяком хібаў шмат ці зашмат, карэктаванне тэкстаў пераўтвараецца ў стварэнне новага перакладу... :) Пасля таго, як усё новае ў файле праверана, каардынатар укідвае яго ў git-сховішча GNOME і паведамляе перакладчыку пра гэта, магчыма са спісам выяўленых праблемных месцаў дасланага перакладу. У гэтым годзе распачалася праца ў справе нармалізацыі беларускай камп'ютарнай тэрміналогіі, у межах працоўнай групы kamputerm [2]. На гэтай пляцоўцы сустрэліся як лакалізатары, асобы тэхнічнага складу, так і зацікаўленыя лінгвісты. Праца вядзецца і зараз - у суполцы LiveJournal і на рэальных сустрэчах. Маеце жаданне - далучыцца няцяжка. У свеце блізкага выдання GNOME 3.0 і цяперашняй стагнацыі беларускага перакладу мае сэнс абмеркаваць, якім мы бачым беларускі GNOME у блізкай і сярэдне далёкай будучыні. Цікавяць вашы меркаванні пра ўсе аспекты лакалізацыі: ужываную і пажаданую тэрміналогію, правапіс, кансістэнтнасць (узгодненасць) перакладу з іншымі праграмнымі прадуктамі, фармат нашай працы (фармалізацыя рашэнняў ці нефармальная згода? колькі людзей маюць права на (ня)ўхвалу дасыланых перакладаў, наколькі жорсткія патрабаванні да матэрыялаў для публікацыі), узаемадзеянне з downstream (Launchpad), патрэба ў нейкіх тэхнічных сервісах (web-асяроддзе для перакладу?). Магчыма, я нешта істотнае забыў - нагадайце. Напішу, што мяне турбуе: 1. фармат працы: мне б хацелася бачыць больш людзей, заангажаваных у камандную працу (больш перакладчыкаў, больш карэктараў; ці трэба больш людзей з доступам да git-сховішча, не ўпэўнены, але можна абмяркоўваць). Магчыма, тая стагнацыя перакладу, якую мы сёння назіраем, звязаная з кепска пастаўленай працай групы, невідочнасцю працэсу працы, закрытасцю суполкі ў дачыненні да публікі, адсутнасць пляцоўкі-прадстаўніцтва праекта ў сеціве, адсутнасць пляцоўкі групы для абмеркавання і г.д. Тут, відаць, ёсць і мая віна. Я б хацеў з вашай дапамогай выправіць гэтае становішча. 2. тэрміналогія: я схіляюся да выкарыстання напрацовак групы kamputerm (пры патрэбе і пэўнай унутранай згодзе, з пэўнымі мадыфікацыямі). Змена тэрміналогіі павінна адбывацца паступова. 3. правапіс: першаперакладчыкі абралі для сваёй працы тарашкевіцу. Яе мы трымаемся і сёння. Тым не менш, многія дасыланыя пераклады выкананыя ў школьным правапісе. Як думаеце, у якім правапісе лепш працягваць нашу працу? Думаю, трэба найперш правесці рэвізію наяўных перакладаў, давесці іх да ладу, бо многія вымагаюць узгаднення тэрміналогіі, правапісу, выпраўлення памылак і абдруковак і г.д. Гэта стала б добрым падмуркам для наступнай працы па пашырэнні прысутнасці беларускай мовы ў open-source-прадуктах. Як я ўжо казаў, неўзабаве мы ўбачым новую версію GNOME 3.0. Вядома, мы не здолеем да хвілі X даць поўны (100%) і якасны беларускі пераклад Гному. Але мы маглі б ужо цяпер пачаць рухацца да такой мэты. А галоўнае, выпрацаваць з вамі "стандарт якасці" ў беларускай лакалізацыі, якая цяпер церпіць ад многіх праблем. Новае перапрацаванае выданне GNOME з якасным беларускім перакладам таксама будзе добрай нагодай, каб нагадаць публіцы пра поспехі (ці праблемы) беларускай мовы ў камп'ютарным асяроддзі. Калі ласка, выказвайцеся пра тое, якой вы бачыце нашу працу і яе вынік. Нават калі вы не бераце ўдзелу ў перакладзе (ці не будзеце яго браць), вашы меркаванні могуць быць вельмі карыснымі. З найлепшымі зычэннямі, Ігар PS: калі адказваеце на гэты і наступныя лісты абмеркавання, калі ласка, карыстайцеся кнопкаю Reply All (Адказваць усім), каб астатнія ўдзельнікі абмеркавання таксама атрымалі ваш адказ. Дзякуй. _____ [1]: http://l10n.gnome.org/teams/be [2]: http://wg.kamputerm.org, http://kamputerm.livejournal.com ==== У час абмеркавання ўзніклі прапановы: 1. стварэння пляцоўкі беларускіх лакалізатараў з патрэбнай інфармацыяй (wiki); 2. web-інтэрфэйс для перакладу (pootle/transifex); 3. блог з навінамі з перакладчыцкага фронту (wordpress). Што да канкрэтна Гному, то прагучала прапанова пераглядзець наяўныя пераклады, выпраўляючы хібы, тэрміналогію, правапіс (прапанова пераводу Гному на школьны правапіс, "нормаўку"). Поспехаў, Ігар _______________________________________________ I18n mailing list [email protected] http://mova.org/cgi-bin/mailman/listinfo/i18n